11 июля, горки, Соб.инф./.Дзень Незалежнасці краіны для дзвюх горацкіх сем’яў стаў двайным святам. Мена-віта 3 ліпеня ў радзільным аддзяленні райбальніцы на свет з’явіліся двое маленькіх грамадзян. Нованароджаныя дзяўчынка і хлопчык, іх матулі сталі галоўнымі героямі ўрачыстай падзеі. Прадстаўнікі раённай арганізацыі “Белая Русь” чакалі яе аж два гады.
— Вядомая акцыя, у рамках якой мы віншуем немаўлят, што ашчаслівілі свет сваім нараджэннем у Дзень Незалежнасці краіны, у мінулым годзе не адбылася. Тады 3 ліпеня не стаў першым днём жыцця новых жыхароў. Затое летась нашы спадзяванні апраўдаліся ўдвайне. Мы рады віншаваць нованароджаных дзетак і іх матуль, — сказаў старшыня Горацкай раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Аляксандр Чачоткін пры наведванні маленькіх імяніннікаў.
Як паведамілі медыкі, Святлана Захарава стала мамай ужо другі раз. Больш вопытная ў гэтай справе, яна ў 14.40 падарыла жыццё слаўнай дачушцы. А вось сыночак Наталлі Малашэўскай, што з’явіўся на свет а сямнаццатай гадзіне, доўгачаканы першынец.
Кветкі матулям і падарункі іх маленькім дзеткам прадстаўнікі “Белай Русі” ўручылі, калі немаўляткам ішоў трэці дзянёк. Наконт імён ім родныя яшчэ не дамовіліся. Але з усмешкай адзначаюць, што свае гадкі іх дзеткі будуць прыбаўляць разам з усёй краінай, таму бацькам і ўсім блізкім застаецца толькі шырока святкаваць трэці ліпеньскі дзень.
Далучаемся да найлепшых пажаданняў. Спадзяемся, што вашы дзеткі будуць жыць ў квітнеючай краіне і вырастуць сапраўднымі грамадзянамі Беларусі.