![]() |
Галоўны набытак Горацкага краю
Зробленае ў мінулай пяцігодцы – той падмурак, на якім будуць “расці” новыя здабыткі. Значная частка выступлення кіраўніка раёна ўтрымлівала задачы, планы, якія не раз потым у гэты дзень былі ацэнены як “амбіцыйныя”, “напружаныя”, “няпростыя”, “маштабныя”. І. М. Макар акрэсліў асноўныя арыенціры ў галінах народнай гаспадаркі. Да прыкладу, у стратэгічнай – аграрнай – стаіць задача забяспечыць тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак на ўзроўні 109,8 %. Плануецца выйсці на ўраджайнасць зерневых і збожжабабовых у бункернай вазе не менш 60 цэнтнераў з гектара. Аб’ёмы вытворчасці малака павінны быць забяспечаны з ростам 119,5 % і надоем на карову не менш 6500 кілаграмаў. Будаўнічая галіна павінна здаць у эксплуатацыю 32,4 тысячы кв. м жылля. А задача з задач – забяспечыць рашучы рывок ва ўсіх галінах і сферах дзейнасці, зрабіць Горацкі раён эталонам эканамічнай стабільнасці, паступальнага руху па шляху нарошчвання вытворчага патэнцыялу. -- У вас ёсць усё: працавітыя людзі, добрая зямля, “свая” навука, каб выканаць тыя планы, што вызначаны на гэты год, -- так сказаў, вітаючы ўдзельнікаў злёту, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама А. М. Ісачанка. І падкрэсліў, каб у імкненні справіцца з намечаным ўлада не забывала пра рост дабрабыту жыхароў раёна. Анатоль Міхайлавіч уручыў грашовую прэмію аблвыканкама Сяргею Васільевічу Гурко, вадзіцелю ААТ “Будаўнік”, Дыплом трэцяй ступені – аддзелу культуры Горацкага райвыканкама (з прэміяй 200 базавых велічынь) – трэцяе месца ў спаборніцтве аддзелаў Магілёўшчыны, і Ганаровую грамату абласнога выканаўчага камітэта ветэрану аграрнай галіны Мікалаю Мікалаевічу Ларковічу. З прывітальным словам да горацкіх працаўнікоў звярнулася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т. С. Асмалоўская. А потым старшыня райвыканкама І. М. Макар і старшыня раённага Савета дэпутатаў А. І. Папытаеў уручылі пераходныя Чырвоныя сцягі, дыпломы і прэміі калектывам-пераможцам спаборніцтва. Намеснікі старшыні райвыканкама І. М. Мікуліч, У. Э. Пятровіч, У. І. Яромін, Н. В. Карнеева віталі і ўручалі ўзнагароды лепшым прадстаўнікам сваіх галін. Свае ўзнагароды ўручыў старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Г. Ф. Шпакоўскі. Усе яны віншавалі ўдзельнікаў свята. І, як водзіцца, завіталі ў госці з падарункамі. Глыбока сімвалічна выглядаў падарунак краснінскіх сяброў. Гэта была ікона Мікалая Цудатворца, асвечаная ў новым храме. Суседзі жадалі нам з Боскай дапамогай ажыццявіць усе грандыёзныя планы. Якое ж свята працы без добрай песні ды віхурыстага беларускага танца?! На сцэну выйшлі любімыя гледачом артысты і калектывы: Заслужаны “Верасень”, народныя, узорныя: “Весялосць”, “Аўсяніца”, “Карусель”, “Мярэя”, “Золак”, “Чарадзейка”... Замілаванне выклікалі ў гледачоў юныя выканаўцы, спевакі і танцоры. Работнікі культуры, самадзейныя артысты “з народа” стараліся ўнесці свой урачысты “уклад” у свята Працаўніка. 2011-ы ўжо адлічвае дні трэцяга месца. Раён жыве, працуе, “куе” новыя працоўныя перамогі, падстава ганарыцца якімі, несумненна, будзе ў нашых дзяцей і ўнукаў. |
![]() |
||