«Варваровская свечка», трещотка, валенки — что вышивают на карте Беларуси могилевские мастерицыКаларыт Прыдняпроўскай зямлi У абласным метадычным цэнтры народнай творчасцi i культурна-асветнай работы майстрыхi з Магiлёўшчыны пры дапамозе рознакаляровых нiтак распавядаюць, чым багатая i знакамiтая iх малая радзiма. Напрыклад, Вольга Пабелусцiк з Круглянскага раёна, якая зрабiла першы шывок на карце вобласцi, з мулiнэ «малюе» трашчотку — цудоўны народны ўдарны музычны iнструмент. На пытанне, чаму менавiта яго, адказвае: — Гэта наш брэнд. Тэхналогiя вырабу драўляных музычных iнструментаў майстрамi пад кiраўнiцтвам Аляксандра Харкевiча з’яўляецца нематэрыяльнай культурнай спадчынай Круглянскага раёна.
Вольгу вышываць вучыла бабуля — Марыя Нiзаўцова. Дырэктар школы, творчы чалавек, яна выдатна вышывала i крыжыкам, i гладдзю. — З чатырох гадоў я ўважлiва назiрала, як яна стварае свае прыгожыя карцiны. А калi мне было дзесяць, выпрасiла ў яе вышыўку-трафарэт, на якой крыжыкам трэба было адлюстраваць пейзаж. Усе летнiя канiкулы сядзела над карцiнай — старалася працаваць акуратна, каб не сапсаваць. Атрымалася. Бабуля мяне пахвалiла, — успамiнае Вольга Пабелусцiк. З таго часу мiнула больш за 35 гадоў, сёння Вольга Уладзiмiраўна сама вучыць 7 — 14‑гадовых дзяцей. Яна кiраўнiк гуртка вышыўкi «Чароўная нiтка» раённага Дома рамёстваў цэнтралiзаванай клубнай сiстэмы Круглянскага раёна. А таксама двух аматарскiх аб’яднанняў: «Рукадзелле» i «Юныя ўмельцы». Мастаку-афармiцелю Мсцiслаўскага раённага цэнтра культуры Яўгенii Свiстуновай усяго 21 год. У райцэнтр яна трапiла пасля Магiлёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Спадабалася, засталася. — Калi менавiта мне прапанавалi паехаць у абласны цэнтр для ўдзелу ў рэспублiканскiм праекце, адчувала розныя эмоцыi: хваляванне, цi спраўлюся, гонар, што мне даверылi такую адказную мiсiю — прадстаўляць усiх мсцiслаўскiх майстроў, гэты прыгожы край з багатай гiсторыяй, — кажа дзяўчына. Увекавечвае Яўгенiя на карце вобласцi старажытны абрад «Варвараўская свечка», унесены ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Беларусi. Прызнаецца: — Пакуль не перабралася ў Мсцiслаў, амаль нiчога пра яго не ведала. А ён цiкавы — праводзiцца ў гонар пакутнiцы Варвары, i ўдзельнiчаюць у iм толькi жанчыны. Збiраюцца ў аграгарадку Басценавiчы, у хаце адной з сялянак, чытаюць малiтву, ставяць пасярод хаты на стале з белым абрусам свечку, упрыгожваюць яркiмi стужкамi, кветкамi. Бачыце — я вышываю стол, свечку, вянок. Абрад праводзiцца ў снежнi. Для сябе вырашыла, што абавязкова паўдзельнiчаю ў наступным! Вышывае Яўгенiя шаўковымi нiткамi. Менавiта такiя найбольш папулярныя сярод майстрых, якiя працуюць над картай вобласцi. — З iх выразна будуць выглядаць вырабы з саломкi, якiмi, напрыклад, славiцца наша Быхаўшчына. Шаўковая нiтка блiскучая, гладкая, — тлумачыць начальнiк аддзела традыцыйнай мастацкай культуры Магiлёўскага абласнога метадычнага цэнтра Наталля Анiковiч. — А вось валёнкi дрыбiнскiх шапавалаў будуць зроблены з нiткi шарсцяной — так блiжэй да арыгiнала. Працаваць над пано «Карта Беларусi» майстры будуць тры месяцы. У маi ў Магiлёве яго збяруць у адзiнае цэлае. Вядучы метадыст Магiлёўскага абласнога метадычнага цэнтра Алена Саўчанка ўжо вышывае тэкст «Культурная спадчына Беларусi». Источник: mogilev-region.gov.by Читайте также в этой рубрике: |
||||