Вы здесь

“Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?..”

 “Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?..”

“Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?..”
Таго самага, з якім знаёмяцца старшакласнікі. Герой паэмы, знакаміты палясоўшчык, просты беларускі селянін. Задрамаў ён аднойчы — і здарылася незвычайная прыгода: трапіў Тарас на гару Парнас, да багоў. Чалавек з народа, зусім не ідэальны, а ў час фантастычнай сустрэчы з антычнымі багамі аказаўся, як кажуць, на вышыні.
Не выключана, што герой шырока вядомай паэмы стане сувенірам-сімвалам горацкіх “Дажынак”.
Як вядома чытачам раённай газеты, у лютым быў аб’яўлены конкурс на самы арыгінальны, самы яркі і запамінальны сувенір-сімвал Горацкага краю. Каб павезлі яго шаноўныя госці рэспубліканскага фестывалю ў розныя гарады і вёскі, і доўга нагадваў ім дарунак аб незабыўных днях на нашай шчодрай зямлі.
За гэты час аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама і газета прынялі дзясяткі прапаноў. Некаторыя аўтары нават адлюстравалі свае задумкі ў малюнках (на здымку).
На што хапіла фантазіі ў жыхароў раёна? Каласы ў розных варыянтах, сонечны гадзіннік, той самы Тарас з паэмы, буслы, кветкавая клумба “Шапка Манамаха”, саха на разгорнутай кнізе і іншыя.
Аргкамітэт аддае пакуль сімпатыі двум варыянтам: каласам, бо якраз яны прысутнічаюць на гербе нашага горада і сімвалізуюць шчодрасць горацкай зямлі, і кемліваму, самавітаму Тарасу, аднаму з яркіх герояў беларускай літаратуры. Яму ўласцівая мудрасць: просты ляснік распазнае характар кожнага з багоў, сваім жыццёва-практычным розумам ацэньвае іх гаспадарку. Прыродная кемлівасць дапамагае Тарасу з гонарам выйсці са складанага становішча. Гэта “збіральны” вобраз, увасабленне лепшых рыс беларуса. А яго мова, вобразная, жывая, з народнымі выслоўямі, дасціпнымі выразамі, уласцівая якраз жыхарам Магілёўшчыны і Віцебшчыны.
Тарас і Горкі. Што ў іх агульнага? Такія мужыкі з пачуццём уласнай годнасці, верагодна, маглі жыць у ХІХ стагоддзі і на горацкай зямлі. А вось аўтар славутай паэмы, якая доўгі час лічылася ананімнай і распаўсюджвалася вусна, па меркаванню ўжо шматлікіх даследчыкаў літаратуры, вучыўся ў 1857-1859 гадах у Горы-Горацкім земляробчым інстытуце. Гэта Канстанцін Вераніцын, ураджэнец суседняй Віцебшчыны. У Горках ён атрымаў кваліфікацыю агранома і нават абараніў дысертацыю “Аб беларускай гаспадарцы”. Так што Тараса можна лічыць “нашым”. Дарэчы, пра яго ў Горках нагадвае гара з назвай Парнас. А некалі ў горадзе па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі адбыўся фестываль студэнцкага гумару пад “эгідай” Тараса, на жаль, ён “не прыжыўся”. Але вельмі хацелася б, каб такое свята на горацкай зямлі, багатай талентамі, стала традыцыйным.
Вобраз селяніна-палясоўшчыка можа стаць “сувенірнай прадукцыяй”, да чаго схіляецца аргкамітэт. Пра канчатковае рашэнне чытачы раённай газеты даведаюцца першымі.
Аргкамітэт.