Вы здесь

Литературное объединение «Роднае слова»

Аматарскае аб’яднанне «Роднае слова» створана ў Горках у 1986 годзе. З 1990 года яно працуе пры Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі.

У 1996 годзе Рашэннем Калегіі Міністэрства Культуры Рэспублікі Беларусь аб’яднанню было прысвоена ганаровае званне «народны калектыў».

Аб’яднанне «Роднае слова» з’яўляецца грамадскай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае прафесійных і самадзейных паэтаў, пісьменнікаў, журналістаў горада і раёна. Аб'яднанне налічвае 27 чалавек. Сюды ўваходзяць людзі рознага ўзросту (ад 34 да 85 гадоў) і прафесій (журналісты, служачыя, выкладчыкі БДСГА, настаўнікі школ, рабочыя, пенсіянеры). Гэта і пачынаючыя літаратары, і тыя, хто мае не адзін зборнік і публікацыі ў вядучых беларускіх і замежных выданнях. Сярод іх члены Саюза пісьменнікаў Беларусі: журналіст, паэт-гумарыст Міхаіл Уласенка (аўтар чатырох зборнікаў), пісьменніца Наталля Ніканчук (аўтар трох зборнікаў паэзіі і прозы), паэтэса Алеся Цэван (аўтар двух зборнікаў), дзіцячы паэт Анатоль Прохараў (аўтар трох зборнікаў).

Аб’яднанне «Роднае слова» было створана з мэтай духоўнага развіцця насельніцтва горада і раёна, вывучэння і прапаганды творчасці пісьменнікаў-землякоў, аказання дапамогі маладым творцам, самадзейным паэтам і пісьменнікам у развіцці іх літаратурных здольнасцей, выхавання павагі да свайго краю, да роднай беларускай мовы.

Галоўнымі задачамі аб’яднання з’яўляюцца: развіццё творчых здольнасцей і маральна-эстэтычнага густу ва ўдзельнікаў аб’яднання; арганізацыя індывідуальнай работы з  асобнымі яго членамі, павышэнне іх літаратурна-мастацкай адукацыі.

Асноўны накірунак дзейнасці аб’яднання – літаратурны. Важнейшымі формамі работы аб’яднання з’яўляюцца: арганізацыя і правядзенне сустрэч з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі; выданне кніг горацкіх аўтараў; прэзентацыі кніг; літаратурныя вечарыны па творчасці класікаў беларускай літаратуры; літаратурна-музычныя кампазіцыі; творчыя вечары членаў народнага аматарскага аб’яднання; арганізацыя сустрэч членаў аб’яднання з вучнямі школ і студэнтамі; гутаркі і лекцыі; завочныя падарожжы па літаратурных мясцінах; відэа-літаратурныя гадзіны; літаратурныя конкурсы; майстар-класы для маладых аўтараў; літаратурныя гасцёўні на радыё; збор і вывучэнне літаратурнай спадчыны Горацкага краю і інш.

У сваёй працы «Роднае слова» падтрымлівае цесныя сувязі з установамі культуры, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй, Горацкім педкаледжам, са школамі горада і раёна, грамадскімі арганізацыямі раёна, вобласці і рэспублікі, з іншымі аматарскімі аб’яднаннямі Беларусі.

На працягу дзейнасці аб’яднання «Роднае слова» было выдадзена больш за 200 зборнікаў горацкіх аўтараў (за 2019 – 2021 гг. – 15 кніг, сярод якіх калектыўныя зборнікі «Дарогі памяці жывыя» (да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў), «Зоркі над Горкамі» (прысвячаецца Году народнага адзінства і 35-годдзю народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова»); кніга ўспамінаў і вершаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Леаніда Самусенкі «Отблески военных лет»), надрукаваны сотні артыкулаў аб творчасці пісьменнікаў.

Члены «Роднага слова» актыўна ўдзельнічалі у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых літаратурных фестывалях і конкурсах, святах: Міжнародным форуме «Славянская лира», Міжнародным фестывалі народнай творчасці «Порубежье», Рэспубліканскім свяце «Дзень беларускага пісьменства», Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі», рэгіянальным фестывалі паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», рэгіянальным фестывалі народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі», раённых мерапрыемствах.

Члены «Роднага слова» былі пераможцамі Міжнародных літаратурных конкурсаў памяці К. Сіманава, «Славянская лира», конкурсу праваслаўных аўтараў «Па слову Твоему», рэспубліканскіх конкурсаў «Славянский калейдоскоп», «За што я люболю родную зямлю», рэгіянальнага – «Пісьмянкоў луг», абласнога – «Скарынавай душой узлашчанае слова», раённых літаратурных конкурсаў «Зямлі маёй чароўныя напевы», «Дороги памяти живые», «Думкай і словам з’яднаныя» і інш.

На словы членаў аб’яднання «Роднае слова» кампазітарамі Барысам Магаліфам, Валянцінай Макеевай, Ганнай Калікінскай (г. Горкі), Аляксандрам Кажурыным (г. Магілёў), Сяргеем Ганаболевым (Расія), Яўгенам Магаліфам (ЗША) і іншымі напісаны дзесяткі песень. І гучаць яны не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Сярод іх «Буслы Беларусі» (сл. А. Клачкова, муз. Я. Магаліфа), «Деревенский ветеран» (сл. Н. Кавалёвай, муз. В. Макеевай), «Жыватворная крыніца» (сл. Л. Андрэевай, муз. Б. Магаліфа), «Песня о ветеранах» (сл. Л. Васільева, муз. Я. Касалапава) і інш.

Інфармацыя аб мерапрыемствах «Роднага слова» падаецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку, на сайтах раённай газеты «Горацкі веснік», абласной газеты «Зямля і людзі», у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» на старонцы Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і інш.