Вы здесь

Тыдзень навукі

Цэлы тыдзень у акадэміі пры-свячаўся Дню беларускай навукі.
У рамках яго прайшлі розныя мерапрыемствы: конкурс навуковых і навукова-метадычных дасягненняў супрацоўнікаў, абарона справаздач аб навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці факультэтаў, дні адкрытых дзвярэй вучэбна-навукова-даследчых інстытутаў і лабараторый, выстаўка новых кніг і дасягненняў у Палацы культуры.
У гэтыя дні перад студэнтамі, аспірантамі, супрацоўнікамі,  слухачамі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў выступалі вядучыя вучоныя НВЦ НАН Беларусі. А заключным стала ўрачыстае пасяджэнне ў Палацы культуры. З прывітаннем і віншаваннямі са святам да прысутных звярнуўся рэктар БДСГА А. П. Курдзека. Даклад аб навуковых дасягненнях зрабіў прарэктар М. І. Гаўрычэнка. Так, у 2010 г. па дагаворнай тэматыцы працавалі 24 кафедры. Было заключана 75 дагавораў на 1260,8 млн. рублёў, акрамя гэтага 80 дагавораў на аказанне навукова-практычнай дапамогі прадпрыемствам у галіне раслінаводства.
Вучоныя акадэміі супрацоўнічалі з 14 інстытутамі НАН Беларусі і выконвалі фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні ў рамках 9 дзяржаўных праграм на суму 592,8 млн. рублёў.
Створана 36 відаў навукова-тэхнічнай прадукцыі. Супрацоўнікі акадэміі абаранілі 2 доктарскіх і 12 кандыдацкіх дысертацый. Па     выніках рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў дыпломамі Міністэрства адукацыі адзначаны 115 даследчыкаў.
За год значна ўмацавана матэрыяльная база для навуковых да-следаванняў: набыта абсталяванне на 395,7 млн. рублёў.
Вялікая група вучоных была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі міністэрстваў, ведамстваў, рэктарата.
Рэктар А. П. Курдзека ўручыў атэстаты прафесарам і дацэнтам БДСГА. А таксама мантыі прафесараў ганаровым дактарам сельгасакадэміі: доктару эканамічных навук, прафесару, акадэміку НАН Беларусі У. Р. Гусакову і доктару біялагічных навук, прафесару, члену-карэспандэнту НАН Беларусі А. У. Кільчэўскаму.