Вы здесь

Галоўны набытак Горацкага краю

Гэта свята не пазначана чырвоным колерам у календары. І ў кожным рэгіёне краіны яно адзначаецца ў “свой” дзень. Тым не менш, свята Чалавека Працы па выніках года – выдатная традыцыя, якую ўлада захоўвае свята. Бо ёй прыемна адзначыць лепшых прадстаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі. А сапраўдным працаўнікам не менш ганарова ўзняцца на раённы п’едэстал славы, атрымаць матэрыяльныя і музычныя падарункі.

Больш сотні лепшых з лепшых, 15 самых дастойных, якім рашэннем улады прысвоена ганаровае званне “Чалавек года”,  – галоўны набытак 2010-га. Людзі з працавітымі рукамі былі ў цэнтры ўвагі раённага злёту перадавікоў, які прайшоў у мінулую пятніцу ў Палацы культуры БДСГА. Хоць папярэдне старшыня райвыканкама І. М. Макар заўважыў, што “фанфары пераносяцца” на іншы час, калі поспехі будуць больш важкімі. Гімн чалавеку працы прагучаў. І ён гэта заслужыў.

Старшыня райвыканкама назваў дзясяткі правафланговых калектываў, асобных працаўнікоў, падзяваў ім за сумленнае шчыраванне на палях, фермах, будоўлях, у цахах, школьных класах, бальніцах, культурных і сацыяльных установах.

Зробленае ў мінулай пяцігодцы – той падмурак, на якім будуць “расці” новыя здабыткі. Значная частка выступлення кіраўніка раёна ўтрымлівала задачы, планы, якія не раз потым у гэты дзень былі ацэнены як “амбіцыйныя”, “напружаныя”, “няпростыя”, “маштабныя”.

І. М. Макар акрэсліў асноўныя арыенціры ў галінах народнай гаспадаркі. Да прыкладу, у стратэгічнай – аграрнай – стаіць задача забяспечыць тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак на ўзроўні 109,8 %. Плануецца выйсці на ўраджайнасць зерневых і збожжабабовых у бункернай вазе не менш 60 цэнтнераў з гектара. Аб’ёмы вытворчасці малака павінны быць забяспечаны з ростам 119,5 % і надоем на карову не менш 6500 кілаграмаў.
Вялікія планы па ўдасканаленню выгляду горада, будаўніцтву новых сацыяльных аб’ектаў, для чаго плануецца павялічыць аб’ёмы інвестыцый у асноўны капітал на 40 %.

Будаўнічая галіна павінна здаць у эксплуатацыю 32,4 тысячы кв. м жылля.

А задача з задач – забяспечыць рашучы рывок ва ўсіх галінах і сферах дзейнасці, зрабіць Горацкі раён эталонам эканамічнай стабільнасці, паступальнага руху па шляху нарошчвання вытворчага патэнцыялу.

-- У вас ёсць усё: працавітыя людзі, добрая зямля, “свая” навука, каб выканаць тыя планы, што вызначаны на гэты год, -- так сказаў, вітаючы ўдзельнікаў злёту, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама А. М. Ісачанка. І падкрэсліў, каб у імкненні справіцца з намечаным ўлада не забывала пра рост дабрабыту жыхароў раёна.

Анатоль Міхайлавіч уручыў грашовую прэмію аблвыканкама Сяргею Васільевічу Гурко, вадзіцелю ААТ “Будаўнік”, Дыплом трэцяй ступені – аддзелу культуры Горацкага райвыканкама  (з прэміяй 200 базавых велічынь) – трэцяе месца ў спаборніцтве аддзелаў Магілёўшчыны, і Ганаровую грамату абласнога выканаўчага камітэта ветэрану аграрнай галіны Мікалаю Мікалаевічу Ларковічу.

З прывітальным словам да горацкіх працаўнікоў звярнулася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т. С. Асмалоўская.

А потым старшыня райвыканкама І. М. Макар і старшыня раённага Савета дэпутатаў А. І. Папытаеў уручылі пераходныя Чырвоныя сцягі, дыпломы і прэміі калектывам-пераможцам спаборніцтва. Намеснікі старшыні райвыканкама І. М. Мікуліч, У. Э. Пятровіч, У. І. Яромін, Н. В. Карнеева віталі і ўручалі ўзнагароды лепшым прадстаўнікам сваіх галін.

Свае ўзнагароды ўручыў старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Г. Ф. Шпакоўскі.
Па традыцыі на галоўнае свята года ў наш раён завіталі шматлікія госці. Гэта даўнія сябры з Пярова – раёна Масквы, пабраціма Горак. Нашы добрыя суседзі з трох раёнаў Расійскай Федэрацыі – Манастыршчынскага, Краснінскага, Хіславіцкага. А таксама з Віцебшчыны – з Аршанскага, і свае, магілёўскія суседзі – з Мсціслаўскага, Круглянскага, Шклоўскага, Дрыбінскага раёнаў. Завітала ў Горкі і дэлегацыя з мінскай Нясвіжчыны.

Усе яны віншавалі ўдзельнікаў свята. І, як водзіцца, завіталі ў госці з падарункамі. Глыбока сімвалічна выглядаў падарунак краснінскіх сяброў. Гэта была ікона Мікалая Цудатворца, асвечаная ў новым храме. Суседзі жадалі нам з Боскай дапамогай ажыццявіць усе грандыёзныя планы.

Якое ж свята працы без добрай песні ды віхурыстага беларускага танца?! На сцэну выйшлі любімыя гледачом артысты і калектывы: Заслужаны “Верасень”,  народныя, узорныя: “Весялосць”, “Аўсяніца”, “Карусель”, “Мярэя”, “Золак”, “Чарадзейка”... Замілаванне выклікалі ў гледачоў юныя выканаўцы, спевакі і танцоры. Работнікі культуры, самадзейныя артысты “з народа” стараліся ўнесці свой урачысты “уклад” у свята Працаўніка.

2011-ы ўжо адлічвае дні трэцяга месца. Раён жыве, працуе, “куе” новыя працоўныя перамогі, падстава ганарыцца якімі, несумненна, будзе ў нашых дзяцей і ўнукаў.